Историческая справка о здании на ул. Володарского, 4

Гісторыка-культурная каштоўнасць 3-й катэгорыі, помнік архітэктуры

Будынак па вул. Валадарскага, 4, у г. Мінску.

Будынак на пачатковым этапе свайго існавання адносіўся да комплекса турэмнага замка. Турэмны замак быў пабудаваны у 1825 г. на ўскраіне тагачаснага горада, у Раманаўскім прадмесці. Найбольш ранняе апісанне мінскай турмы адносіцца да 1840 г. "Мураваны вухпавярховы будынак з такой жа агароджай, крыты жалезам, пры ім мураваны дом для аглядчыка, лазня, стайня, хлеў і лядоўня мураваныя, крытыя таксама жалезам". Па звестках на 1881 г. турэмны комплекс складаўся з асноўнага двухпавярховага з падвалам будынка, двухпавярховага флігеля і аднапавярховай лазні. Усе будынкі былі крыты жалезам, абнесены мураванай агароджай. Будынак № 4 яшчэ не згадваўся.

 На працягу 1881-1884 гг. Мінскае губернскае праўленне некалькі разоў разглядала пытанне пра недахоп плошчаў у мінскай турме. У прыватнасці, прапаноўвалася пабудаваць дадатковы будынак для жаночага аддзялення на 80 чалавек. З боку двара прапаноўвалася дабудаваць ўваходны будынак па лініі існуючага выступа, зрабіць у ім унутраныя перапланіроўкі. Для кватэры начальніка турмы, яго памочніка, аднаго старэйшага наглядчыка і наглядчыцы прапаноўвалася пабудаваць двухпавярховы будынак за турэмнай агароджай, з левага боку замка. Аднак, пасля працяглай перапіскі Галоўнае турэмнае ўпраўленне МУС адхіліла праект будаўніцтва жаночага аддзялення. Мураваны жылы дом для начальніка турмы і іншых службовых асоб быў ўзведзены. Вядома, што будаўнічыя работы ў турэмным замку выконваліся ў 1890-1892 гг. З пэўнай доляй верагоднасці можна меркаваць, што ў гэты час быў пабудаваны вышэйзгаданы жылы дом для адміністрацыі турмы за турэмнай агароджай, які мае сучасны № 4.

У 1910 г. было зроблена апісанне участка, які належаў турэмнаму ведамству, і размешчаных на ім будынкаў. Па тагачасным адміністрацыйным падзеле г. Мінска ўчастак знаходзіўся ў 41-м квартале пад парадкавым № 54, меў адрас вул. Серпухаўская, 2-4 (сучасная вул. Валадарскага). У плане ён быў трапецападобнай формы плошчай 8610 кв. саж. Умоўнай лініяй быў падзелены на дзве часткі. Усходняя палова, якая прымыкала да вул. Серпухаўской, складала двор з пабудовамі і сажалкай. Заходнюю палову займаў сад і агарод. Чатыры будынкі (галоўны корпус ці ўласна турма, адміністрацыйны будынак, лазня і цейхгауз) былі абнесеныя мураванай сцяной, якая ўтварала замкнёны прамавугольнік памерам 40х35 сажань (85х74 м). Да паўднёва-заходняга кута гэтага закрытага двара прымыкаў яшчэ адзін адгароджаны мураванай сцяной двор, прыкладна 20х15 сажняў (42,7х32 м), пасярэдзіне якога знаходзіўся драўляны аднапавярховы будынак турэмнай бальніцы. Паміж бальніцай і вул. Серпухаўской існавала сажалка прамавугольнай формы памерам 14х14 сажняў (30х30 м). З паўднёвага боку ад бальніцы і сажалкі, у паўднёва-ўсходнім куце турэмнага ўчастка размяшчаліся гаспадарчыя драўляныя пабудовы (стайня, хлеў, склеп, рымарская майстэрня) і з водступам ад вуліцы мураваны двухпавярховы жылы дом 31х24х12 аршын (22х17х8,5 м) (сучасны № 4).

Жылы дом характарызаваўся як моцны крыты жалезам. На першым паверсе жылога дома знаходзіліся чатырохпакаёвая кватэра начальніка турмы Іосіфа Адольфавіча Воляна, і тры пяціпакаёвыя кватэры, адну з якіх займаў памочнік начальніка турмы. На другім паверсе двухпакаёвую кватэру займала памочніца начальніка турмы, другую двухпакаёвую - турэмны наглядчык, пяціпакаёвую кватэру займаў памочнік справавода турэмнай інспекцыі, трохпакаёвую кватэру - памочнік начальніка турмы, яшчэ адну пяціпакаёвую кватэру займаў турэмны служачы.

У ацэначных ведамасцях нерухомай маёмасці 1916 - 1918 гг. на ўчастку турэмнага замка пералічаны наступныя пабудовы: трохпавярховы мураваны з падвалам будынак турмы, двухпавярховы мураваны дом, два аднапавярховыя будынкі, двухпавярховы мураваны флігель, два драўляныя аднапавярховыя флігелі, драўляныя гаспадарчы будынак, стайня, сталярная майстэрня.

Такім чынам, будынак № 4 быў пабудаваны ў 1890-я гг. як двухпавярховы жылы дом для начальніка турмы і іншых службовых асоб. Нешматлікія архіўныя дакументы сведчаць, што да 1920 г. яго аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя не змянялася. Пазнейшыя дакументы, якія б датычаліся дома, у архівах не выяўлены. На плане г. Мінска 1948 г. будынак ужо пазначаны як трохпавярховы жылы дом.

Мажліва, трэці паверх быў надбудаваны ў перадваенны перыяд ці пад час аднаўлення дома пасля Вялікай Айчыннай вайны. Як сведчыць фатаздымак 1951 г., на якім прадстўлены фрагмент тыльнага і тарцовага фасадаў, першапачаткова яны былі нетынкаваныя, нескладаны архітэктурны дэкор выкананы ў характэрнай для канца 19 - пачатку 20 ст. тэхніцы цаглянай муроўкі. Муроўка фасаднай сцяны першага паверха імітавала руст. Аконныя праёмы на першым і другім паверхах былі дэкарыраваны абрамленнямі з расшыўкай цаглянай муроўкі. Аконныя праёмы на другім паверсе мелі сандрыкі з сухарыкамі. Паміж другім і трэцім паверхамі цяга таксама мела паясок сухарыкаў. На трэцім паверсе дэкор адсутнічаў. Будынак быў накрыты жалезным вальмавым дахам. Пазнейшыя рамонты сказілі гістарычны воблік будынка (патынкоўка фасадаў, страта цаглянага дэкору).

 

(матэрыял падрыхтаваны навуковым супрацоўнікам
ААТ "Праектрэстаўрацыя" Чарняўскім А.І.)